2023 г. — 80 гадоў з часу стварэння Баранавіцкага партызанскага злучэння (1943) у гады Вялікай Айчыннай вайны
З лета 1941 г. на тэрыторыі акупіраванай Баранавіцкай вобласці (скасавана ў 1954 г., большасць тэрыторыі ўключана ў Брэсцкую вобласць) дзейнічалі падпольныя і партызанскія групы. У сувязі з масавым прытокам у рады партызан мясцовага насельніцтва, асабліва з мая 1942 г., групы колькасна выраслі. У другой палове 1942 г. у вобласці дзейнічалі 32 партызанскія атрады.
2022 г. — 80 гадоў з часу стварэння Пінскага партызанскага злучэння (1942) у гады Вялікай Айчыннай вайны
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў Пінску, напярэдадні акупацыі горада, быў створаны першы партызанскі атрад пад камандаваннем В. З. Каржа, які 28 чэрвеня правёў першы бой з акупантамі. У Пінскай вобласці ў 1941–1942 гг. былі створаны партызанскія атрады імя С. М. Кірава, імя В. І. Чапаева, імя М. А. Шчорса, імя М. Ц. Шыша, В. А. Васільева, А. І. Дамброўскага, якія вялі актыўную ўзбронную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
25 чэрвеня 2021 г. — 80 гадоў з дня стварэння Старасельскага партызанскага атрада імя М. М. Чарнака брыгады імя І. В.Сталіна Брэсцкага партызанскага злучэння (1941)
На другі дзень вайны ў лесе ля в. Старое Сяло Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці арганізавалася група байцоў і камандзіраў (каля 300 чалавек), якія адсталі ад часцей Чырвонай арміі, пад камандаваннемлейтэнанта Сяргея Сяргеевіча Шыканава, камандзіра кулямётнай роты 125-га палка. Было вырашана застацца ў Старасельскім лесе і арганізаваць партызанскі рух у тыле ворага. 25 чэрвеня 1941 г. быў створаны Старасельскі партызанскі атрад — першы на Жабінкаўшчыне.